Як будавалася віцебская ратуша, як 100 гадоў таму яна пачала ператварацца ў музей і як сёння выглядае адна з галоўных славутасцей горада, расказалі гісторыкі і супрацоўнікі абласнога краязнаўчага музея ў час круглага стала, прысвечанага знакавай даце. Гісторыя сучаснай ратушы пачынае адлік з 1775 года. У 1925 годзе, 100 гадоў таму, тут у асобных залах пачалі з'яўляцца музейныя экспазіцыі, дзе выстаўляліся ў тым ліку знаходкі з раскопак Замкавай гары. Цяпер ратуша - культурна-гістарычная каштоўнасць рэспублікі. У будынку размешчаны абласны краязнаўчы музей. У ім налічваецца больш за 10 экспазіцыйных пляцовак. Штогод установа культуры праводзіць больш за 110 выстаў - гістарычных, сучасных, міжнародных, у тым ліку выязных. У фондах музея захоўваецца больш за 300 тыс. экспанатаў.