Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
22.10.2021
Жаданне развівацца ў абраным кірунку, выдатная праца - гэта ўсё ёсць у маладога інжынера Дзмітрыя Шапавалава, які будуе сваю кар'еру на Сенненшчыне<br />
Цікавасць да тэхнікі ў Дзмітрыя прачнулася ў дзяцінстве: ён часта дапамагаў бацьку ў рамонце машыны. Таму пытанне, куды паступаць, перад маладым чалавекам асабліва і не стаяла, бо ён вырашыў, што захапленне тэхнікай павінна перарасці ў прафесію. Пасля заканчэння школы і здачы цэнтралізаванага тэставання юнак паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.
Паспяхова скончыўшы гэту ўстанову адукацыі, Дзмітрый Шапавалаў атрымаў размеркаванне ў Сенненскі раён. А ўжо тут яго адправілі ў ААТ «Ульянавічы», дзе ён зараз працуе інжынерам па ахове працы.
- Гаспадарка прадаставіла мне камфортныя ўмовы для развіцця прафесійных навыкаў, - распавядае Дзмітрый. - Да таго ж мяне цёпла прынялі ў калектыве.
Дзень інжынера распісаны літаральна штохвілінна, бо ў яго ў падначаленні больш за 30 чалавек, а таксама сельгастэхніка, на якой яны працуюць.
- Часцей за ўсё я работнікамi не кірую, а, наадварот, раюся. Бо большасць механізатараў нашмат старэйшыя за мяне, а іх вопыт працы ў гаспадарцы дасягае 20 і больш гадоў. Так, у кожнага з нас ёсць свой круг абавязкаў, але ўсе мы робім агульную справу. Калі стала хоць адна машына, я заўсёды перажываю, дапамагаю механізатарам у рамонце, - кажа Дзмітрый Шапавалаў.
Дзякуючы ўпартай працы і намаганням інжынер за невялікі прамежак часу змог заваяваць давер больш вопытных калег. Добра адклікаецца пра маладога спецыялiста і дырэктар ААТ «Ульянавічы» Уладзімір Багданоўскі.
- Дзмітрый вельмі працавіты хлопец і на яго можна пакласціся, - распавёў Уладзімір Іванавіч, - Так, працуе ён у нас менш за год, але мы спадзяемся, што той запал, з якім ён прыйшоў сюды, не вычарпаецца і ў далейшым.
Загадваць на будучыню малады спецыяліст не бярэцца, бо ніколі не ведаеш, як будзе складвацца жыццё.
- Што буду рабіць пасля заканчэння адпрацоўкі, пакуль не ведаю, але мне падабаецца працаваць з тэхнікай, падабаецца прысутнічаючае працоўнае напружанне і рух вакол мяне. У ААТ «Ульянавічы» усё на ўвазе, і мая праца таксама. Самае важнае - тут ёсць магчымасці для самарэалізацыі, - адзначае Дзмітрый. - Пры гэтым, вядома, трэба любіць працаваць на зямлі, так як любая праца будзе ў цяжар, калі яна не па душы.
«ГС», Анатоль Мосін
Фота аўтара