Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
11.09.2020
З каралевай спорту па жыцці, або Сакрэт актыўнага даўгалецця сенненца Мікалая Сініцына<br />
У спорце свой адлік часу. Ён са спрынтарскай хуткасцю імкліва нясецца наперад, упэўнены трынаццаціразовы чэмпіён краіны па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў у сваёй узроставай катэгорыі Мікалай Сініцын з Сянно. У скарбонцы ўзроставага атлета 24 медалі, 13 з іх - залатыя.
Спортам ураджэнец Разанскай вобласці займаўся з дзяцінства. Ужо ў школьныя гады стаў прызёрам раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, лыжам, спартыўных гульнях. Выступаў за каманду раёна ў абласной спартакіядзе разам з будучым двухразовым алімпійскім чэмпіёнам па штанзе Васілём Аляксеевым, уладальнікам 80 сусветных рэкордаў. Пасля школы некалькі гадоў жыў у Тульскай вобласці. Вучылішча, тэхнікум, інстытут - і там не раставаўся з каралевай спорту. Станавіўся прызёрам спаборніцтваў розных узроўняў.
З 1966 года часта прыязджаў на адпачынак на радзіму жонкі - у Сянно. І нават там працягваў удзельнічаць у спартыўным жыцці раёна: гуляў у футбол за гарадскую каманду.
Дастаткова доўга Мікалай Сініцын жыў у Якуціі, запалярным пасёлку Тыксі, працаваў у мясцовай школе. Непадалёк знаходзіўся Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў у экстрэмальных умовах. Часта ў госці да школьнікаў прыходзілі прадстаўнікі незвычайнай прафесіі і расказвалі цікавыя гісторыі.
За гады, праведзеныя на Крайняй Поўначы, Мікалай Сініцын здзейсніў 12 лыжных пераходаў. Адзін з іх быў працягласцю 700 км. Гэту адлегласць група з 15 спартсменаў прайшла за два тыдні. Вытрымліваць даводзілася найскладанейшыя неспрыяльныя ўмовы: мароз 30 градусаў, парывы ветру, якія дасягалі 30 м/с. Начавалі ў намётах, высцілалі снег аленевымі шкурамі, імі ж і накрываліся. Гэта паўночная рамантыка выклікае асаблівую настальгію ў Мікалая Сініцына. Успамінае, як гуляў у футбол на снезе з якутамі. Як у моцную завею і мароз за тры дні група энтузіястаў на лыжах суправаджала больш за 200 км сям'ю Басавых, якая за 4 гады абабеглi Савецкі Саюз ўздоўж дзяржаўнай мяжы, замацаваўшы свой вынік у Кнізе рэкордаў Гінеса.
Мікалай Сініцын атрымаў званне лепшага настаўніка, а таксама званне майстра спорту Якуціі. Прысутнічаў на сустрэчы з прэзідэнтам Рэспублікі Саха Міхаілам Мікалаевым і быў узнагароджаны прэміяй Міжнароднага дзіцячага фонду «Дзеці Саха-Азія». Ветэран спорту Расіі са сваімі вучнямі ўдзельнічаў ва Усесаюзных спаборніцтвах па турызме ў Карэліі, дзе заняў 2-е месца.
Праз некалькі гадоў сям'я Сініцыных пераехала ў Сянно. Больш дваццаці гадоў Мікалай Дзмітрыевіч аддаў Машчэнскай школе. Дапамагаў яе дырэктару, ветэрану спорту Віктару Кучынскаму, ствараць добрую спартыўную базу сельскай школы. Валейбол, біятлон, тэніс, лёгкаатлетычныя прабегі, веласіпедныя і лыжныя паходы - да ўсіх відаў спорту яны стараліся далучаць вучняў.
Зараз Мікалай Дзмітрыевіч - пенсіянер. Аднак развітвацца са спортам ён не мае намеру. Чацвёрты год удзельнічае ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. З чэмпіёнамі з Расіі, Італіі, Францыі, Украіны, краін Прыбалтыкі наш зямляк годна канкуруе і паказвае высокія вынікі.
Выступае Мікалай Дзмітрыевіч ў катэгорыі «70 плюс». На яго рахунку 4 рэкорды Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў у сваёй узроставай групе ў закрытых памяшканнях: бег на 60 і 200 метраў, скачкі ў вышыню і даўжыню.
Узроставы лёгкаатлет імкнецца заўсёды быць у форме, рэгулярна трэніруецца, займаецца фізкультурай. А яшчэ дзякуе тым, хто дапамагае яму ў дасягненні асабістых рэкордаў. Сярод іх урач раённай бальніцы Сяргей Карась, трэнер па лёгкай атлетыцы Сенненскай СДЮШАР Віктар Васілёнак, настаўнік фізічнай культуры СШ №2 Андрэй Сапежка.
Ветэранскія спаборніцтвы на розных узроўнях праводзяцца для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, якія не жадаюць расставацца са спортам. Мікалай Сініцын не адзін прадстаўляе Віцебшчыну на падобных турнірах. Уладзімір Фефелаў, Мікалай Сакалоў, Пётр Карняенка, Ігар Вячэрскі - найярчэйшыя прыклады для моладзі, якія паказваюць, як трэба ставіцца да ўласнага здароўя.
«Віцебскія весці», Ірына Хасанава
Фота з адкрытых крыніц.