Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
12.08.2021
«Хадчаначка» здзівіць самага патрабавальнага гурмана<br />
Галодным ад членаў клуба нацыянальнай беларускай кухні, гульні і фальклору «Хадчаначка» не сыдзе ніхто. Госць гарантавана атрымае магчымасць пакаштаваць як традыцыйныя стравы беларускай кухні, так і разнасолы, характэрныя для Сенненскага рэгіёну.
Сардэчная гасціннасць - гэта пра хадчан: у лепшых народных традыцыях яны гатовы аддаць вам усё самае дарагое. І абавязкова - ад душы пачаставаць. Па багата накрытаму сталу, а таксама вясёлым жартам і прыказкам пазнаюць жыхароў Ходцаў і на мерапрыемствах самага рознага ўзроўню. Клуб «Хадчаначка» - візітная картка гэтага аграгарадка.
- Пачыналася ўсё ў 1998-м годзе, тады пры сельскім доме культуры адкрылася аб'яднанне па інтарэсам «Гаспадыня», - распавядае цяперашні кіраўнік СДК Алеся Даўкшас. - З таго часу наш калектыў атрымаў званне народнага, правёў некалькі дзясяткаў экспедыцый і сабраў вялікую папку з рэцэптамі і абрадамі.
У кожнага з іх - свая гісторыя, і распавядаць пра гэта члены клуба могуць бясконца. Як і апісваць тонкасці прыгатавання той ці іншай стравы. Прычым зробяць гэта настолькі маляўніча і з густам, што, здаецца, адчуеш пах каравая, які толькі што дасталі з печы. Гэты самы каравай - адна з так званых каронных страў членаў клуба нацыянальнай беларускай кухні, гульні і фальклору. Але калі хочаце паспрабаваць нешта аўтэнтычнае, то абавязкова звярніце ўвагу на кашу па-ходцаўскi.
- Па сутнасці, гэта самая звычайная пярловая каша, - дзеліцца сакрэтам прыгатавання кіраўнік установы культуры. - Толькі гатавалі яе ў розных рэгіёнах па-рознаму. Уся соль - у дадатках, якія стваралі непаўторны густ. У нашу кашу, напрыклад, на фінішным этапе прыгатавання дадаюць смажанае з цыбулькай сала і трохі бульбы.
Кашы - гэта асобная старонка ў кулінарным мінулым нашых продкаў, сцвярджаюць у «Хадчаначцы». Яны былі самымі папулярнымі ў меню беларусаў, якія былі ўпэўнены: гэта страва дае сілу і энергію.
Аматарам эксклюзіву хадцаўскія гаспадынькi могуць прапанаваць сашэнь. Расшыфроўваем: гэта такі пірог, начынне у якога можа быць самым розным, але з вопыту членаў клуба больш за ўсё гасцям падабаецца менавіта з павідлам. І ў гэтага пірага - таксама свая гісторыя.
- Раней, калі хлеб пяклі ў кожнай хаце, для яго прыгатавання ставілі закваску, рыхтавалі рошчыну, - пасвячае ў тонкасці прыгатавання наша суразмоўніца. - Каб праверыць, наколькі добрым атрымаецца хлеб, пяклі так бы мовіць пробны варыянт: з невялікай колькасці рошчыны рабілі такі вось пірог.
І якая ж беларуская кухня без традыцыйнай бульбы. Што толькі не гатуюць з яе члены клуба, але чалавеку, для якога слова шамшурыкi гучыць па-замежнаму, абавязкова захочацца іх паспрабаваць. Такая вось інтрыга: паспрабуй, угадай, што за страва.
Добра знаёмыя шырокай публіцы і малавядомыя стравы нацыянальнай кухні - гэта толькі частка таго, чым можа здзівіць «Хадчаначка». У іх арсенале ёсць і адноўленыя народныя абрады. Адзін з іх - калі нявесту садзяць на дзежку - карыстаецца папулярнасцю ў маладых, таму што абяцае ім доўгае і шчаслівае сямейнае жыццё, бо менавіта такі сэнс закладвалі ў яго нашы продкі. Знойдзецца ў запасе ў актыўных і творчых хадчанак шмат песень, прымавак, жартаў. Захочаце - зробяць майстар-класы па Ходцаўскай кадрылі, мастацкаму свісту і іншых відах мастацтва.
- Мы гатовы прыняць гасцей, турыстаў, усіх, каму цікава беларуская самабытнасць, культура, гісторыя, - сцвярджае Алеся Даўкшас. - Нам, сапраўды, ёсць што паказаць, расказаць, чым пачаставаць і пацешыць. І дзе, калі не ў нас, у тым месцы, дзе яшчэ можна знайсці сляды шматвяковай гісторыі, вяртацца да нашых беларускіх каранёў.
«ГС», Галіна Жукава.
Фота аўтара.