Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
01.08.2025
У Сенненскім раёне вайскоўцы падключыліся да бітвы за ўраджай
ААТ "Бяленева" ва ўборцы ўраджаю дапамагаюць вайскоўцы. Штогод вайскоўцы з радасцю адгукаюцца на заклік дапамагчы вяскоўцам, і іх падтрымка з'яўляецца важкай для сельскай гаспадаркі. Гэтая традыцыя не толькі ўмацоўвае сувязі паміж арміяй і грамадзянскімі, але і стварае атмасферу адзінства і ўзаемадапамогі.

Камандзір узвода ўпраўлення вайсковай часткі, якая дыслакуецца ў в. Бароўка, Максім Барадзейка адзначыў, што з пачатку тыдня вайскоўцы занятыя на адвозцы азімага рапсу з палёў "Бяленева". Для гэтага і прыгналі сваю тэхніку: на палях гаспадаркі задзейнічана 5 МАЗаў.
Байцы ўсе дысцыплінаваныя і адказныя. Калі ім прапанавалі дапамагчы аграрыям, з задавальненнем пагадзіліся. Кожную раніцу хлопцы быццам рвуцца ў бой, каб унесці свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, падкрэсліў Максім Барадзейка.
Камандзір аддзялення, старэйшы кіроўца, малодшы сяржант Кірыл Лях ужо адслужыў больш за паўгода, на ўборцы ўраджаю — упершыню. Праца на зямлі для хлопца не чужая. Раней ён дапамагаў бацьку, які працаваў у сельгасарганізацыі на Лепельшчыне, працаваў кіроўцам, у будбрыгадзе і інш.

Умовы пражывання вайскоўцаў добрыя. Радавым і сяржантам далі актавую залу адміністрацыйнага будынка, для афіцэраў і жанчыны-санінструктара — асобныя памяшканні. Арганізавана трохразовае харчаванне, абеды дастаўляюць прама ў поле.
Усяго ў ААТ "Бяленева" трэба будзе ўбраць больш за 2248 га збожжавых і зернебабовых культур. На 1 жніўня сабраны ўраджай на плошчы больш за 338 га, або 15% да плана.
Сумесныя намаганні вайскоўцаў і аграрыяў працягваюць прыносіць плён, і мы можам быць упэўнены, што дзякуючы такім ініцыятывам наш раён будзе і надалей радаваць годным ураджаем.