Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
24.12.2020
У сельскагаспадарчых арганізацыях Сенненскага раёна з'явіцца 17 новых трактароў МТЗ<br />
Добрыя якасці новенькага «Беларуса 82.1» ужо ацаніў механізатар ААТ «Ульянавічы» Віктар Радкевіч. Тэхніку, на якой ён будзе цяпер працаваць, працаўнік сяла сам жа прыгнаў з Мінска.
Віктар Радкевіч - адзін з тых, хто праехаў у калоне трактароў, што тыдзень таму адправіліся з Мінскага трактарнага завода на Віцебшчыну. Цяпер яго тэхніка ўжо стаіць на мехдвары і прыкметна адрозніваецца ад астатніх сельскагаспадарчых машын: навізной фарбы, надпісам «Віцебская вобласць», якую пакуль не знялі з лабавога шкла. Дзесьці побач абавязкова будзе механізатар. Да новага трактара ён ставіцца па-гаспадарску.
Зрэшты, не толькі з трактарамі, але і любымі машынамі Віктар Радкевіч на «ты». На пытанне, колькі гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы, ён коратка адказвае: усё жыццё. Папрацаваў на грузавым аўтамабілі ГАЗ-53, камбайне, гусенічным трактары. Зараз у яго распараджэнні - новенькі «Беларус».
- Да тэхнікі ў мяне асаблівы падыход, - распавядае механізатар. - Яна ў мяне заўсёды дагледжана як след. І стары трактар у парадку трымаў, і за новым папільную.
Віктар Радкевіч не хавае: той факт, што працаваць будзе на «Беларус», толькі сыйшоўшым з канвеера, не можа не радаваць. Праўда, і адказнасці цяпер дадасца. Затое ў сельгаспрадпрыемстве новая тэхніка - заўсёды дапамога.
- Трактарны парк акцыянернага таварыства налічваў два дзесяткі адзінак. Цяпер вось павялічыўся, - распавядае галоўны інжынер ААТ «Ульянавічы» Сяргей Масюта. - Думаю, усё разумеюць, што ў нашай сферы тэхніка адыгрывае вялікую ролю, а новая - стане дапамогай у вытворчасці сельгаспрадукцыі.
Нагадаем, усяго ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна з'явіцца 17 новых трактароў МТЗ. Ад мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення аграпрамысловага комплексу залежыць прадукцыйнасць працы вяскоўцаў і, як следства, іх дабрабыт.
«Голас Сенненшчыны», Галіна Жукава.
Фота аўтара.