Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
01.09.2021
СШ №2 Сянно прысвоілі імя поўнага кавалера ордэнаў Славы Аркадзя Касінцава<br />
У гэтым навучальным годзе СШ №2 Сянно адкрыла новую старонку. Тут завяршыўся капітальны рамонт, таксама школе прысвоена імя поўнага кавалера ордэнаў Славы, ураджэнца райцэнтра Аркадзя Касiнцава (1923-1991).
Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Алены Зелянтовай, у абноўленым будынку з сучасным харчаблокам і спартзалай будзе навучацца 545 чалавек, з іх 51 першакласнік. На базе школы ствараецца раённы цэнтр бяспекі жыццядзейнасці, абсталяваны высокатэхналагічным абсталяваннем. Спонсарам праекта выступіў Багушэўскі лясгас.
Павіншаваць школьнікаў з пачаткам навучальнага года прыехаў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч. Ён пажадаў дзецям вырасці сапраўднымі патрыётамі роднага краю і краіны, каб бацькі і настаўнікі адчувалі гонар за маладое пакаленне. Алег Мацкевіч уручыў сертыфікат на набыццё параканвектамата і мультыборда.
Здароўя, цярпення і ўсмешак пажадаў школьнікам старшыня Сенненскага райвыканкама Ігар Мароз. Ад імя мясцовых улад ён падарыў установе адукацыі фрэзерна-гравіравальны станок і набор слясарна-сталярных прылад.
На Ігара Мароза выпала прыемная місія ўручыць ордэн Маці Алене Швыдкiнай, якая выхоўвае пецярых дзяцей. Чацвёра з іх з'яўляюцца вучнямі СШ №2, а старэйшы сын нядаўна скончыў установу адукацыі.
На ўрачыстую лінейку з Расіі прыехалі пляменнікі Аркадзя Касiнцава, пасля вайны жыўшага ў Ленінградзе. Дарэчы, знайсці сваякоў героя дапамагла дырэктар Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Iва Шубко. Таццяна і Міхаіл Потуй рады таму, што на малой радзіме дзядзькі ўвекавечана яго памяць. У пасляваенныя гады ён прысвяціў сябе педагогіцы, выкладаў англійскую мову ў школе, сувораўскім вучылішчы. У Маскве пляменнікі штогод бяруць удзел у шэсці «Несмяротны полк» з партрэтам Аркадзя Кузміча. Таццяна і Міхаіл Потуй урачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар героя.
Ганаровыя госці свята ўручылі першакласнікам падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі - кнігу «Беларусь - наша Радзіма». Дарэчы, у Сенненскім раёне за парту селі 1914 школьнікаў, з іх 173 першаклашкі.
«Віцебскія ВЕСТКІ », СЯРГЕЙ Кавалеўскі
Фота Сяргея Ляшука