Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
20.10.2021
Праца з густам: заўтра адзначаецца Міжнародны дзень кухара<br />
Усе мы штодня гатуем нешта для сябе і родных дома. Але толькі сапраўдны прафесіянал дасканала ведае ўсе тонкасці спалучэння прадуктаў і іх падачы.
Працоўны дзень кухара 5 разраду кафэ «Вернісаж» Рэгіны Любачка пачынаецца бліжэй да трох гадзін дня. Звыклымі рухамі прыхарашыўся ля люстэрка, апрануючыся ў кухарскай нарад - сіні халат і блакітны чэпчык - яна адпраўляецца на кухню. Перш за ўсё правярае сваё працоўнае месца. Бо яго чысціня, мабыць, адзiн з самых важных складнікаў поспеху ў кулінарнай справе.
Дарэчы, маленькі, але вельмі дружны калектыў установы выразна ведае свае абавязкі і гэтак жа дакладна іх выконвае.
- У кафэ заўсёды чыста, утульна, а галоўнае смачна, - пацвярджае адзін з наведвальнікаў.
Рэгіна Сцяпанаўна родам з Талачынскага раёна. Пасля заканчэння ліцэя адразу стала працаваць па спецыяльнасці. Спачатку ў абласным цэнтры, пазней працавала ў Лёзненскім раёне, а пасля знаёмства са сваім мужам, нашым земляком, пераехала на Сенненшчыну. Так з 1982 года і працуе ў кулінарнай сферы.
- Я люблю сваю працу. Люблю ўсё: ад распрацоўкі стравы да яе ўпрыгажэння. Безумоўна, галоўнае, каб наведвальнікам падабалася тое, што я раблю, - разважае мая субяседніца.
Як і ўсім творчым людзям, кухарам патрэбна энергія і падсілкоўванне, для таго, каб ствараць нешта новае, вытанчанае і ўнікальнае. І гэту энергію жанчына чэрпае літаральна паўсюль.
- Багацце фарбаў увосень дае сілы і зараджае на новыя кулінарныя дасягненні. Вось так пройдзеш па восеньскім парку - і хочацца хутчэй прыгатаваць нешта незвычайна смачнае, - кажа Рэгіна Любачка.
За гады працы кухар практычна да дасканаласці адтачыла прафесійнае майстэрства. Па-майстэрску можа прыгатаваць разнастайныя мясныя і рыбныя стравы, гарніры, а таксама розныя салодкія дэсерты. Дарэчы, асаблівай папулярнасцю сярод гасцей установы карыстаюцца салата «Папараць-кветка», страва беларускай кухні «Мачанка».
- Акрамя кухарскага таленту, Рэгіна Станіславаўна валодае разуменнем, шчырасцю, дабрынёй і іншымі якасцямі, дзякуючы якім працаваць з ёй - адно задавальненне, - адзначаюць яе калегі.
Напэўна, у кожнага паспяховага прадстаўніка той ці іншай прафесіі ёсць сакрэт, які дапамагае быць лепшым у сваёй справе. І ў нашай сённяшняй гераіні ён таксама ёсць.
- Гатаваць трэба заўсёды ў добрым настроі, паколькі энергетыка таго, хто гэта робіць, уплывае на смак ежы. У гэтым я сапраўды ўпэўнена, - адзначае мая суразмоўніца.
Кухар - гэта не толькі чалавек, які прыгатуе страву тэхналагічна правільна і ў строгай адпаведнасці з рэцэптам. Гэта той, хто шчыра любіць сваю справу, атрымлівае ад яе задавальненне і рады, калі вынікі яго працы знаходзяць водгукі ў кліентаў.
На пытанне, што ж сама кухар любіць гатаваць больш за ўсё, яна адказвае: раней часта займалася выпечкай. Зараз жа больш гатуе па запытах маленькага ўнука. Ягор, так клічуць юнага гурмана, часта просіць пасмажыць аладкі, пончыкі і пампушкі.
Дарэчы, 19 кастрычніка жанчына адзначае свой дзень нараджэння, з чым мы яе і віншуем. Жадаем прафесійных поспехаў, моцнага здароўя і ўдзячных кліентаў.
«Голас Сенненшчыны», Ксенія Крупская.
Фота аўтара.