кантакты
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00

2026 – Год беларускай жанчыны
80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
80-годдзе вызвалення Віцебскай вобласці
Рэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій 2025
100 гадоў утварэння органаў гандлю Беларусі
Ордэн Маці напярэдадні Дня жанчын сенненцы Надзеі Кавалёвай уручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь<br />

10.03.2021

Ордэн Маці напярэдадні Дня жанчын сенненцы Надзеі Кавалёвай уручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь<br />

Сенненка Надзея Кавалёва - адна з тых, хто прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі па ўручэнні дзяржаўных узнагарод заслужаным дзеячам розных сфер, шматдзетным маці, а таксама генеральскіх пагонаў прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Ордэн Маці ў Палацы Незалежнасці напярэдадні Дня жанчын ёй уручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

- Мы з мужам абодва выраслі ў шматдзетных сем'ях, - распавядае Надзея. - Таму пытанне пра тое, колькі будзе дзяцей у нас, ніколі не стаяла: адназначна шмат. У пачатку сямейнага жыцця мы нават жартавалі аб тым, што іх будзе пяцёра.

А праз амаль дзесяцігоддзе, якое муж i жонкі пражылі разам, гэтыя словы аказаліся не надта ўжо жартам, а здзейсненай рэальнасцю: абшары іх кватэры напаўняюць галасы чатырох сыноў і дачкі. Шумныя, жывыя і зусім розныя, яны па мамінай камандзе спыняюцца на некалькі хвілін, каб папазіраваць для агульнага фота, і тут жа разбягаюцца кожны па сваіх справах. Сабраць іх зноў можна толькі за сямейным чаяваннем, цэнтральнае месца ў якім звыкла займае духмяны пірог.

Хатняя выпечка - гэта не толькі такая традыцыя, але і захапленне гаспадыні дома. Яна выдатна разумее: каб не выгарэць у барацьбе за хатнюю ўтульнасць, штодзённых клопатах пра сяброў сям'і, трэба мець любімы занятак, нешта для душы. Таму вольны час прысвячае самаразвіццю і хобі. З такой жа мудрасцю падыходзіць Надзея і да выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак.

- Што б хто ні казаў, а дзеці растуць вельмі хутка. Таму я імкнуся як мага больш часу праводзіць з імі разам, - распавядае шматдзетная мама. - Імкнуся быць для іх сябрам, суразмоўцам, настаўнікам і годным прыкладам. Для мяне мае малыя - самы вялікі матыватар. І усё роўна, колькі іх у цябе, адзін ці пяцёра, дзеля іх ты павінна быць моцнай і разумелай.

Наша гераіня прызнаецца: усё вельмі проста, як калісці выхоўвалі яе, так яна цяпер выхоўвае сваіх дзяцей. А яшчэ, робіць усё, каб іх дзяцінства было радасным, яркім і шчаслівым.

- Сёння магу з поўнай упэўненасцю сказаць: на меншае я не згодна, - сцвярджае мама. - Пяцёра - менавіта столькі мне трэба дзяцей для шчасця. Са свайго боку, я буду рабіць усё, каб вырасціць з іх добрых людзей.

Што ж тычыцца высокай узнагароды, то толькі сваёй заслугі ў ёй Надзея не бачыць, аддае належнае мужу Аляксандру, які і падтрымка, і апора, і клапатлівы муж, і любячы бацька. Сам факт узнагароджання стаў для шматдзетнай маці нечаканасцю, а мерапрыемства прынесла вельмі шмат незабыўных уражанняў. А яшчэ, прызнаецца яна, Ордэн Маці - вялікі стымул выхаваць дастойных грамадзян, карысных грамадству.

«Голас Сенненшчыны», Галіна Жукава.

Фота аўтара.