Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
25.08.2020
Маладыя спецыялісты прыязджаюць у родныя пенаты<br />
У гэтым годзе 14 маладых спецыялістаў прыбылі на першае працоўнае месца ва ўстановы адукацыі Сенненшчыны. Усе яны - ураджэнцы Сенненскага раёна.
Арцём Белякоў - былы вучань СШ №2 г. Сянно - у гэтым навучальным годзе парог альма-матэр пераступіў ужо ў новай якасці. Выпускнік ВДУ ім. П. М. Машэрава, у сваёй роднай школе ён будзе выкладаць гісторыю. «На асабістым вопыце праверыў: дома і сцены дапамагаюць, - распавядае малады спецыяліст. - Вядома, у тым, што ведаю тут педагогаў, а яны ў сваю чаргу заўсёды гатовыя дапамагчы, падтрымаць - велізарны плюс».
У 2020-м яшчэ чатыры выпускніка СШ №2 райцэнтра пачнуць працоўны шлях у школах, дзіцячых садках Сенненшчыны, цэнтры дзяцей і моладзі. Іх, а таксама астатніх маладых спецыялістаў сферы адукацыі, сабрала традыцыйная сустрэча з кіраўніцтвам раёна, якая прайшла нядаўна ў райцэнтры. Дыялог з педагогамі, толькі-толькі адкрываючымi старонку прафесійнай дзейнасці, вялі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна, начальнік аддзела па адукацыі Сенненскага райвыканкама Алена Вiлюгiна, іншыя зацікаўленыя асобы.
- Яшчэ некалькі месяцаў таму вы былі бестурботнымі студэнтамі, а сёння - адукаваныя спецыялісты, якія робяць першыя і ўпэўненыя крокі ў прафесію, - адзначыла, вітаючы галоўных герояў мерапрыемства, Зоя Фаміна. - Мы ўпэўнены: вы выбралі справу па душы, а старэйшыя калегі і кіраўніцтва дапамогуць вам рэалізавацца ў ёй, дасягнуць прафесійных вышынь. Мэтанакіраваныя, таленавітыя, творчыя маладыя людзі - менавіта вам трэба будзе працягваць слаўныя традыцыі нашага краю. Галоўнае - верыць у сябе і свае сілы.
Варта адзначыць, што ў праграме мерапрыемства былі экскурсіі па горадзе і ў Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей, маладыя людзі ўсклалі кветкі да памятнага знака «Боль». Фінальным акордам стаў круглы стол, што быў арганізаваны ў СШ №1, падчас якога маладыя людзі змаглі не толькі даведацца аб ільготах і прэферэнцыях для маладых спецыялістаў, магчымасцях рэалізаваць свае здольнасці, якія прадастаўляе ім аддзел па адукацыі, інстытут настаўніцтва, праца якога добра наладжана ў аддзеле, але і задаць пытанні, распавесці пра праблемы, з якімі паспелі сутыкнуцца.
Мерапрыемства яшчэ раз даказала: у раёне ствараюцца ўсе ўмовы, каб кожны малады спецыяліст змог рэалізаваць сябе ў абранай прафесіі, дасягнуў пэўных поспехаў.
Галіна Жукава