Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
22.06.2021
Малады спецыяліст Сенненскага Дома рамёстваў Аліна Цыбульская стала тварам акцыі «Сатчэм абярэг раёна разам»<br />
Малады спецыяліст Сенненскага Дома рамёстваў Аліна Цыбульская, мабыць, ужо стала тварам акцыі «Сатчэм абярэг раёна разам». Менавіта яна дапамагае асвоіцца за ткацкім станком тым, хто прыходзіць ва ўстанову культуры, каб працягнуць сваю нітку ў гісторыі праекта «Жывая нітка традыцый».
- Не хвалюйцеся, усё атрымаецца, на самой справе гэта проста, - цярпліва тлумачыць дзяўчына кожнаму, хто пажадаў прыняць удзел у акцыі. - Спачатку трэба націснуць на левую педаль, каб адкрылася зяпа. У яе прапіхвайце човен.
Рэмiзкi, фартух, цэнавыя палачкі, ,ерда: для нязвыклага да спецыяльнай тэрміналогіі вуха гэтыя словы - што-небудзь з замежнага ці нават касмічнага. Аліна імі не проста спрытна жанглюе ў размове, яна гэтым жыве. І ў дбайным падліку, прамалёўцы клетачак новага ўзору бачыць нt вышэйшую матэматыку, а адмысловую паэзію.
- У прыладзе станка няма нічога складанага, - распавядае майстар па ткацтве, - тут галоўнае адзін раз запомніць. Значна складаней падрыхтаваць усё для таго, каб саткаць палатно. Уявіце, кожную нітку неабходна заправіць асобна, улічваючы шматлікія нюансы. І, калі ты пачынаеш ткаць і разумееш, што на першапачатковым этапе дапусціў дэфект, даводзіцца ўсё разбіраць і пачынаць спачатку. Гэта вялікая і карпатлівая праца, яна патрабуе ўважлівасці, засяроджанасці і трохі несправядліва застаецца за кадрам.
Калі з'явілася цікавасць да традыцыйнага ткацтва, малады спецыяліст цяпер і не ўспомніць. Распавядае, што ў Доме рамёстваў правяла ледзь ці не ўсё дзяцінства: займалася ў розных гуртках па розных напрамках. А калі прыйшоў той самы час, калі ўчорашнія школьнікі стаяць перад выбарам прафесіі, упэўнена пайшла даўно вядомым кірункам - творчым. Дарэчы, майстры па ткацтву ў галіне, можна сказаць, адзінкавы тавар. У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, дзе вучылася Аліна Цыбульская, разам з ёй гэтую ж спецыяльнасць атрымлівала ўсяго восем чалавек. Даведаўшыся, што карта размеркавання легла вельмі ўдала - у Сенненскі Дом рамёстваў - узрадавалася: дома і сцены дапамагаюць, у тым ліку і асвоіцца на першым рабочым месцы.
Ва ўстанове культуры не хаваюць: маладога спецыяліста чакалі і ўскладалі на яго вялікія надзеі. Каб апраўдаць іх, шмат часу ў Аліны не было, прыйшлося ўключацца ў новы праект, дзе асноўнай тэмай стала такое знаёмае і не менш любімае ткацтва. З доляй гонару кажуць у Доме рамёстваў аб тым, што маладое папаўненне, можна сказаць, выгадавалі самі, бо першыя крокі на творчай ніве дзяўчына рабіла менавіта тут.
Сама Аліна Цыбульская прызнаецца: патрапіла менавіта ў тое акружэнне, клімат, у якім хочацца тварыць. Вопыт заслужаных майстроў - стымул для таго, каб з цягам часу дасягнуць не меншых вышынь.
«Голас Сенненшчыны», Галіна Жукава.
Фота аўтара.