Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
05.02.2021
Лекар з Сенненскага раёна Яўген Каўшоў: «Неабходна ўсяляк матываваць моладзь заставацца на вёсцы»<br />
Для лекара агульнай практыкі Яўгена Каўшова аграгарадок Янова Сенненскага раёна стаў другой радзімай. Больш за 36 гадоў таму ён прыехаў сюды разам з жонкай-медыкам і маленькім сынам і з той пары ўзначальвае мясцовую бальніцу.
Сельская ўстанова аховы здароўя тады прадстаўляла сабой драўляны зруб з пячным ацяпленнем, адным кранам вадаправода, туалетам на вуліцы і была разлічана на 25 ложкаў. У 1996-м пры падтрымцы былога дырэктара Багушэўскага спіртзавода Анатоля Шышкіна пачалася рэканструкцыя бальніцы, а па сутнасці - новае будаўніцтва. У пераднавагоднія дні 2000-га з удзелам кіраўніцтва вобласці адбылося ўрачыстае адкрыццё. Цагляны будынак з паравым ацяпленне быўабсталяваны 1-, 2-, 4-мясцовымі палатамі з туалетам.
Хто тады мог прадбачыць, што рэканструяваная Яноўская бальніца праз дваццаць гадоў стане адным з апорных пунктаў барацьбы з каранавiруснай інфекцыяй на Сенненшчыне. Баксіраваныя палаты, разлічаныя на 15 ложкаў, адпавядаюць усім медыцынскім патрабаванням па ізаляцыі інфекцыйных хворых. У першую хвалю COVID-19 перапрафіляванне адбылося ў красавіку 2020-га, калі сюды пачалі паступаць кантакты першага ўзроўню. Яны знаходзіліся пад наглядам, калі хвароба выяўлялася, іх перакладалі у іншыя ўстановы. Улетку бальніца вярнулася да свайго непасрэднага профілі толькі на месяц, пакуль не наступіла другая хваля. На гэты раз паступалі хворыя каранавiрусам, стан якіх не патрабаваў інтэнсіўнай тэрапіі і кіслароднай падтрымкі. Калектыў знаходзіўся на пярэднім краі барацьбы з COVID-19 да канца 2020-га, калі захворванне пайшло на спад. Памерлых не было. Дарэчы, па словах Яўгена Каўшова, на абслугоўваемым участку, які ўключае Какаўчынскi сельсавет з амаль дзвюма тысячамі жыхароў, агульная смяротнасць у 2020 годзе была менш, чым у 2019-м.
Яўген Каўшоў ганарыцца сваім калектывам, у якім акрамя двух лекараў - мужа і жонкі працуючых яшчэ пятнаццаць чалавек: фельчар, акушэрка, медсёстры, санітаркі, загадчык гаспадаркі, кухары, кіроўца, падсобныя рабочыя.
Яўген Васільевіч неабыякавы да спорту, па маладосці актыўна гуляў у валейбол і баскетбол. Цяпер адно з самых любімых захапленняў - рыбалка, балазе азёр на Сенненшчыне хапае. У адпачынку часам выбіраецца на Браслаўшчыну.
Сельскаму лекару не раз прапаноўвалі больш высокія пасады з пераездам у горад. Але ён адмаўляўся, таму што зрадніўся з Янова і яго жыхарамі, стаў «карэнней карэнных»- тых, хто тут вырас, адвучыўся і з'ехаў. Нездарма многія пацыенты называюць доктара па-свойску - Васільевіч.
За дасягненне высокіх паказчыкаў у працы, кампетэнтнасць і прафесіяналізм Яўген Каўшоў неаднаразова адзначаўся на розных узроўнях. У 2003-м быў лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі па ахове здароўя, сем гадоў праз - конкурсу «Лекар года Рэспублікі Беларусь», прызнаваўся «Чалавекам года Віцебшчыны - 2014». На VI Усебеларускім народным сходзе Яўген Каўшоў будзе прадстаўляць Сенненшчыну. Ён чакае, што на форуме належнае ўвага будзе нададзена развіццю вёскі. У прыватнасці, неабходна ўсяляк матываваць моладзь заставацца на сяле, каб працягвалася сувязь пакаленняў. На думку дэлегата, кіраўнікоў трэба гадаваць з апошніх курсаў ВНУ, асабліва сельскагаспадарчых. А менавіта, выяўляць лідэраў і вакол іх фарміраваць каманду з прадастаўленнем магчымасці самастойна папрацаваць, хай і пад кантролем старэйшых калегаў. Таксама патрэбна развітая інфраструктура, а галоўнае - жыллё, каб малады спецыяліст не здымаў кут, а меў дом або кватэру і адчуваў сябе гаспадаром.
«Віцебскія весткі», Сяргей Ляшук
Фота Дзмітрыя Восіпава.