Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
09.09.2021
Кацярына Ломава хацела стаць педыятрам, пасля заканчэння ўніверсітэта вярнулася на малую радзіму ў Багушэўск<br />
Багушэўская паліклініка Сенненскай ЦРБ папоўнілася маладым спецыялістам. Кацярына Ломава з апошніх класаў школы хацела стаць педыятрам і пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага універсітэта, дзе ёсць спецыялізаваны факультэт, вярнулася на малую радзіму.
Больш за месяц таму яна прыступіла да самастойнай працы ў медустанове, дзе педыятра не было тры гады - вузкія спецыялісты прыязджалі з райцэнтра. Асвойвацца доўга не прыйшлося, усё было знаёма. На 4-5-х курсах паступіўшая па мэтавым дагаворы студэнтка прыходзіла ў паліклініку гарпасёлка набірацца практычных ведаў. Кацярыне давалі магчымасць аглядаць малых, курыраваць пацыентаў. Інтэрнатуру праходзіла ў Віцебскім абласным дзіцячым клінічным цэнтры.
У падначаленні ў лекара дзве медсёстры, з якімі яна даўно знаёма. Алена Яўсейчык працуе з тых часоў, калі Кацярына яшчэ сама ў дзяцінстве была пацыенткай паліклінікі, а Ірына Лагунова - мама аднакласніцы. Пад апекай медыкаў знаходзіцца падрастаючае пакаленне Багушэўска і наваколля ў колькасці 600 чалавек. Пры неабходнасці маладому спецыялісту кансультацыйную дапамогу аказваюць вопытныя калегі з Сянно Ганна Марчанка і Галіна Карнiчэнка.
Першы працоўны дзень Кацярыне запомніўся тым, што на прыём прыйшлі 33 чалавекі. У наступным колькасць юных пацыентаў была прыкладна на такім жа ўзроўні. Але гэта не значыць, што ўсе былі хворыя. Проста ў жніўні ішлі планавыя медагляды да навучальнага года.
Кацярына Ломава кажа, што ёй падабаецца абраная прафесія. Пакуль усё атрымліваецца, ёсць падтрымка з боку калег. Мінулы жнівень для маладога спецыяліста адзначаны яшчэ адной лёсавызначальнай падзеяй - Кацярына выйшла замуж. З Іванам яны знаёмы са школы. Муж па адукацыі інжынер-будаўнік, зараз вахтавым метадам працуе ў Мінску. Дарэчы, Іван зрабіў прапанову дзяўчыне ў мінулым годзе на Дзень медыка. Так што цяпер прафесійнае свята будзе насіць і адценне асабістага.
«Віцебскія весткі» , Фота Сяргея Ляшука