Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
18.08.2021
Карціны мастака Цвірко знайшліся на Сенненшчыне<br />
Двума новымі ўнікальнымі экспанатамі папоўніўся фонд Сенненскага Дома рамёстваў: у падарунак установа культуры атрымала дзве карціны беларускага савецкага жывапісца і педагога, народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР Віталя Цвірко.
- Спачатку думалі, што аўтар твораў Уладзімір Гоманаў, - распавядае кіраўнік Дома рамёстваў Вольга Квашко. - А калі бліжэй пазнаёміліся з карцінамі, зразумелі - яны належаць пэндзлю іншага майстра і многага каштуюць.
А потым былі тыдні, месяцы вялікай даследчай працы. Супрацоўнікі ўстановы культуры звярталіся да ўсіх крыніц, дзе магла захоўвацца архіўная інфармацыя, літаральна пад лупай вывучалі тое, што па шчаслівай выпадковасці апынулася ў іх руках, кансультаваліся са знаўцамі беларускага жывапісу.
- На шчасце, карціны былі падпісаны, - працягвае аповяд Вольга Квашко. - Мы па літары расшыфроўвалі гэты подпіс, каб быць упэўненымі, што не памыліліся. З Віцебскай абласной бібліятэкі нам даслалі каталог работ Віталя Цвірко, каб мы маглі на месцы з ім папрацаваць. У выніку сумневы зніклі, а мы можам з упэўненасцю казаць пра тое, што ў нашым Доме рамёстваў з'явіліся творы вялікага майстра.
Аб велічыні і таленце Віталя Цвірко кіраўнік установы культуры можа гаварыць доўга. Пра тое, як яго першым настаўнікам малявання быў Кандрат Крапіва, а ў ліку тых, хто аказаў уплыў на станаўленне маладога мастака, - С. Герасімаў, Г. Ражск, А. Дейнека і іншыя не менш гучныя імёны. Ды і сам ён пасля стаў настаўнікам і натхняльнікам выбітных беларускіх мастакоў: Леаніда Шчамялёва, Барыса Аракчэева, Віктара Грамыкі і многіх іншых.
У біяграфіі Віталя Цвірко такія вехі, як званне прафесара і пасада рэктара Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, старшыні праўлення Саюза мастакоў БССР. А галоўнае, шмат вучняў, для якіх ён стаў сапраўдным Настаўнікам.
І ўсё ж, засталася адна загадка, якую не атрымалася пакуль са стоадсоткавай упэўненасцю разгадаць майстрам Сенненскага Дома рамёстваў.
- Мы вельмі доўга шукалі шлях, па якім карціны трапілі у Сянно, - распавядае кіраўнік установы культуры. - Вывучалі архівы раённай газеты сямідзесятых гадоў, а менавіта імі датаваны карціны, якія цяпер знаходзяцца ў нас, у надзеі знайсці згадку пра візіт мастака ў наш райцэнтр. У выніку прыйшлі да высновы, што творы праз Саюз мастакоў былі замоўлены для нейкай установы. Але гэта пакуль толькі здагадка. Хацелася б звярнуцца да сенненцаў, магчыма, сярод жыхароў раёна ёсць хтосці, хто ўспомніць гэтыя карціны і тое, чые сцены яны ўпрыгожвалі.
У цяперашні час майстар Дома рамёстваў Уладзімір Квашко працуе над рэстаўрацыяй багета карцін. Пасля, сцвярджаюць ва ўстанове культуры, гэтыя творы мастацтва змогуць убачыць усе жадаючыя. І спадзяюцца, што цяпер Сенненшчына разам з Уладзімірам Гоманавым, Заірам Азгурам будзе асацыявацца і з імем Віталя Цвірко.
«ГС», Галіна Жукава.
Фота аўтара.