Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
01.12.2020
Як арганізавалі медыцынскую дапамогу жыхарам у перыяд пандэміі COVID-19 у Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы<br />
Медыцынскія
работнікі Сенненскай ЦРБ настойліва заклікаюць насельніцтва для эфектыўнага
стрымлівання інфекцыі выконваць меры асабістай гігіены, сацыяльнага
дыстанцыяваньня, выкарыстоўваць ахоўныя сродкі. Гэта будзе самы эфектыўны
варыянт іх падтрымкі ў пераадоленні пандэміі.
Першы этап
Вяснова-летні перыяд гэтага года некаторым медыцынскім работнікам ЦРБ запомніцца надоўга. Бо ім на працягу амаль двух месяцаў прыйшлося і жыць на працы. Каб найбольш бяспечна і эфектыўна арганізаваць увесь працэс, галоўны лекар Андрэй Какойчанка разам з калегамі прыняў рашэнне стварыць кантактны цэнтр для персаналу на базе медустановы. Тым больш што ўсе турбаваліся за здароўе членаў сем'яў, пажылых сваякоў. З дапамогай прафсаюзнай арганізацыі і іншых спонсараў уладкавалі часовы побыт у «чыстай» зоне бальніцы і працавалі. З-за неабходнасці вырашаць вялікую колькасць задач, Андрэй Аляксандравіч сам перакваліфікаваўся ў інфекцыяніста ў адсутнасць такой адзінкі ў штатным раскладзе.
- Часам нават перадаручыць нешта было складана, - кажа Андрэй Какойчанка. - А калі ўжо сам адпрацаваў пытанне, тады спакойна перадаеш паўнамоцтвы. Як толькі сістэма аказання дапамогі была наладжана, патрэба ў кантакт-цэнтры адпала.
Час не гублялі
Кароткая летняя перадышка на мінімуме захворвання дазволіла нядрэнна падрыхтавацца да асенняга сезона. Дакупілі адсутнічаўшае абсталяванне: бескантактавыя тэрмометры, аўтаматычныя прыборы для вымярэння артэрыяльнага ціску, пульсаксiметры, павялічылі ў тры разы лік кіслародных кропак. Таксама стварылі неабходны запас сродкаў індывідуальнай абароны для магчымага працяглага аказання медыцынскай дапамогі.
- Цяпер паток пацыентаў значна большы, - распавяла загадчык паліклінікай ЦРБ Наталля Кучынская. - Але пераважная колькасць інфіцыраваных лечыцца амбулаторна.
Праца з гэтымі пацыентамі вядзецца ва ўмовах інфекцыйнага кабінета, для якога адвялі аўтаномную частку будынка з асобным уваходам. Тут ёсць магчымасць захавання сацыяльнага дыстанцыяваньня і аказання ўсёй дапамогі на месцы (лабараторыя, даўрачэбны і медычны кабінеты). Такім чынам патокі пацыентаў выразна падзелены і не перасякаюцца. Урачы-тэрапеўты вядуць прыём у дзве змены. Пры неабходнасці спецыялістаў на гэтым участку дадаюць.
Тых, каму без стацыянарнай дапамогі не абысціся, шпіталізуюць у перапрафіляванае тэрапеўтычнае аддзяленне на 42 койкі з улікам трох рэанімацыйных. Але іх лік у любы момант па сітуацыі можа быць павялічаны. Будынак шпіталя падзелены на дзве зоны - «чыстую» і «чырвоную». Працу інфекцыйнага стацыянара ўзначаліла загадчык аддзялення Крысціна Гарчынская. Вясной яна першай перайшла ў кантактны цэнтр, набралася вопыту. Кіслародных кропак хапае, а апараты ШВЛ амаль не задзейнічаны, хоць у рэанімацыі пацыенты ёсць. Калі стан чалавека пагаршаецца і патрабуе больш высокага ўзроўню аказання дапамогі, пасля ацэнкі сітуацыі спецыялістамі з Віцебска яго пераводзяць. Як правіла, большасці пацыентаў з сярэднецяжкая пнеўманіямі хапае 5--7 дзён для стабілізацыі стану і адпраўкі на далячэнне.
Усім светам
Калі праходзіш па прасторных калідорах адрамантаванай да абласных «Дажынак» паліклінікі, у вочы раз-пораз кідаюцца ўлёткі, яркія налепкі, розныя стыкеры кавiднай тэматыкі. Крэслы для чакання праз адно пазначаны падзяляльнай стужкай для захавання сацыяльнай дыстанцыі. Такія ж паметкі зроблены на падлозе ля рэгістратуры, касы, дзе можа ўтварыцца чарга. Санiтайзеры для апрацоўкі рук з інструкцыяй аб правілах карыстання тут толькі локцевыя.
- Усю друкаваную прадукцыю нам зрабіў мясцовы індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Лемешаў, які займаецца гэтым відам дзейнасці. Распрацоўвалі ўзоры разам, каб усё было граматна, інфарматыўна і ярка, - падкрэсліў Андрэй Какойчанка. - Сяргей Адамовіч і ўвесну дапамагаў бальніцы фінансава нароўні з іншымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. Перад восеньскім уздымам захворвання прапанавала дапамогу адміністрацыя Багушэўскага лясгаса. Набылі дарагі кіслародны канцэнтратар. Усе патрэбы забяспечваюць дзяржаўныя пастаўкі, але, вядома ж, любое садзейнічанне ў такой напружанай барацьбе за здароўе людзей лішнiм быць не можа.
«Віцьбічы», Вера МУРАШКIНА.
Фота аўтара.