Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
21.09.2021
Ёсць вынік і рэзервы для росту<br />
Сяргей Ліцяга, дырэктар СУП «Саўгас імя Машэрава» інтэграцыйнай структуры ААТ «Віцебскі мясакамбінат», узнагароджаны Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага аблвыканкама за добрасумленную працу.
СУП «Саўгас ім.Машэрава» - найбуйнейшае валаўтваральнае сельгаспрадпрыемства раёна. Плошча сельгасугоддзяў складае 20162 га, у тым ліку раллі - 14605 га. Галіна жывёлагадоўлі прадстаўлена двума комплексамі з даільнымі заламі (МТФ-530 і МТК-418), комплексам па вырошчванні цёлачнага пагалоўя на 400 галоў у в. Масоры, 7-ю МТФ, 10-ю фермамі для ўтрымання цёлачнага пагалоўя. Агульная колькасць галоў буйна-рагатай жывёлы складае 4173, з іх дойны статак - 1700 кароў. Акрамя таго маецца свой цэх па перапрацоўцы жывёлагадоўчай прадукцыі, магазін. Ажыццяўляецца выязны гандаль мясной прадукцыяй па Сенненскаму раёну.
Гаспадарка - у ліку перадавікоў па сярэднясутачных надоях і прывагі буйной рагатай жывёлы. З пачатку года на карову атрымана 3185 кг малака. За восем месяцаў павялічыліся на 150 грамаў і сярэднясутачныя прывагі БРЖ.
Вядома, для такога прадпрыемства цалкам рэальна паспрабаваць дасягнуць большага выніку.
- Будзем, вядома, імкнуцца паступальна рухацца наперад, каб атрымаць больш высокія паказчыкі, - адзначае Сяргей Аляксандравіч.
Па ўмовах надвор'я гэты год быў вельмі складаным, кажа Сяргей Лiцяга. Частка яравых проста выгарэла і загінула. Таму і ўраджайнасць значна ніжэй, чым у мінулым. Поспех любой справы вызначаецца мноствам фактараў. Гэтак жа і высокія ўраджаі - вынік, які мае вялікую колькасць складнікаў.
- Працы ўкладзена неверагодна шмат, агратэхніка выканана, а жаданай аддачы не атрымана, - шкадуе дырэктар. - Ну што тут зробіш, калі вынік залежыць і ад надвор'я ў тым ліку.
Малочная галіна, па словах кіраўніка, - адна з асноўных крыніц даходу калектыву, які налічвае больш як 400 чалавек. Для атрымання высокіх вынікаў у жывёлагадоўчай галіне патрэбны добрыя ўмовы ўтрымання жывёл, а таксама збалансаваная кармавая база. У СУП «Саўгас імя Машэрава» пакуль не на поўную магутнасць працуе новая МТФ на 400 галоў, што дазволіць у далейшым выйсці на больш высокія паказчыкі ў атрыманні малочнай прадукцыі і прадуктыўнасці жывёлы. Зараз у двух памяшканнях фермы ўтрымліваецца 290 галоў жывёлы, у тым ліку 136 - дойнага статка. Для поўнага завяршэння будаўніцтва неабходна яшчэ 1,5 млн руб. На МТК-418 будуюцца два плёначнікі для ўтрымання цялят на 110 галоў. Каб нарыхтоўваць як мага больш якасных кармоў, неабходна пабудаваць яшчэ тры сянажныя траншэі. Такім чынам, сумарная іх колькасць дасягне амаль двух дзесяткаў.
Сяргей Лiцяга больш за 20-ці гадоў у сельскай гаспадарцы. Праца гэта яму была заўсёды блізкая і зразумелая проста нават таму, што яго бацькі ўсё жыццё жылі і працавалі на вёсцы, маці - падлікоўцам у паляводчай брыгадзе, бацька - кіроўцам. Пасля заканчэння Машканскай школы хлопец паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут, каб атрымаць спецыяльнасць інжынер-механік. Паспяхова яго скончыўшы вярнуўся на малую радзіму. Першы запіс у працоўнай кніжцы - брыгадзір на МТФ «Машканы». Затым працаваў намеснікам дырэктара філіяла «Лучоса» Віцебскага КХП, быў яго дырэктарам. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Некаторы час узначальваў ААТ «Віцебскі райаграсэрвіс». І вось ужо 8-ы год з'яўляецца дырэктарам СУП «Саўгас імя Машэрава».
- На такіх кіраўнікоў, як Сяргей Аляксандравіч, раўняюцца іншыя, - адзначае начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Сенненскага райвыканкама Андрэй Лебедзеў. - Ён надае асаблівую ўвагу павышэнню вытворчых паказчыкаў. Дзякуючы выразнай пазіцыі вопытнага кіраўніка, укараненню сучасных тэхналогій сельгаспрадпрыемства не першы год займае лідзіруючыя пазіцыі ў Сеньненскім раёне.
«Голас Сенненшчыны», Ларыса МУКАМОЛАВА.
Фота аўтара.