Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
Меню
10.02.2021
Будучыня вёскі - гэта развітая сацыяльная інфраструктура і камфортнае жыллё<br />
Будучыня сяла - гэта развітая сацыяльная інфраструктура і камфортнае жыллё. Такое меркаванне выказаў старшыня Ходцэўскага сельвыканкама Аляксандр Гардзецкі, дэлегат шостага Усебеларускага сходу.
Да А.Гардзецкага часта звяртаюцца вяскоўцы па дапамогу ў вырашэнні штодзённых пытанняў.
- Стан дарог, вулічнае асвятленне, выдаленне аварыйных дрэў, зямельныя пытанні, уборка прысядзібных участкаў - гэта тое, што хвалюе жыхароў сельсавета, тлумачыць Аляксандр Гардзецкі. - Любыя пытанні, з якімі да нас звяртаюцца, мы стараемся вырашыць. Не менш важныя напрамкі - падтрыманне парадку ў населеных пунктах, папярэджанне правапарушэнняў, прафілактыка пажараў і многае іншае.
Пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва, стварэнне камфортных умоў для пражывання грамадзян закранаюць дастаткова шырокую сферу. Клопатаў у старшыні сельвыканкама хапае. А магчымасцяў... Не сказаць, што яны абмежаваныя, але рэалізаваць іх у сённяшніх умовах бывае няпроста.
На тэрыторыі сельсавета пражывае больш за 1300 чалавек. Хацелася б, каб сяло жыло і развівалася, кажа Аляксандр Гардзецкі. Для гэтага трэба падтрымліваць сацыяльныя аб'екты. У аг. Ходцы функцыянуюць Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад - сярэдняя школа, музычная школа, філіял СДЮШАР, трэнажорная зала для дарослых, амбулаторыя, тры крамы. Астатнія населеныя пункты абслугоўвае аўталаўка. Не праблема дабрацца пры неабходнасці да райцэнтра. Грамадскі транспарт ходзіць рэгулярна.
Сёння актуальным застаецца пытанне забеспячэння жыллём, адсутнасць якога з'яўляецца адной з прычын таго, што людзі з'язджаюць у гарады. Дарэчы, для будаўніцтва новых дамоў у сельсавеце ёсць вольныя ўчасткі. Па словах Аляксандра Аляксеевіча, тры шматдзетныя сем'і за кошт мацярынскага капіталу пабудавалі або набылі больш прасторнае жыллё і засталіся у раёне.
- Дэлегатам на Усебеларускі народны сход я абраны ўпершыню, аднак і за правядзеннем папярэдніх форумаў заўсёды сачыў вельмі ўважліва, - кажа Аляксандр Гардзецкі. - Мне былі цікавы многія з пытанняў, якія выносіліся на ўсенароднае абмеркаванне, было прыемна бачыць, як з года ў год намечаныя планы і задачы ўвасабляюцца ў жыццё. Галоўнае, што ўдалося захаваць, гэта сацыяльна-арыентаваную эканоміку.
Я неабыякавы да таго, што робіцца ў краіне ў цэлым і ў нашым раёне. Хвалююць і пытанні прыцягнення моладзі ў сельскую мясцовасць, замацавання маладых спецыялістаў. З гэтым наўпрост звязаны задачы па стварэнню новых працоўных месцаў у сельскай мясцовасці. Гэтыя і іншыя пытанні хвалююць жыхароў нашага рэгіёну. Хацелася б, каб у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гг. былі адлюстраваны шляхі іх рашэння. Таму ўскладаю немалыя надзеі на Усебеларускі сход. Размова, якая адбудзецца 11-12 лютага, павінна стаць каталізатарам у вырашэнні існуючых праблем на вёсцы. Ёсць упэўненасць, што патрэбныя акцэнты будуць зроблены.
Ларыса МУКАМОЛАВА.