кантакты
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00

2026 – Год беларускай жанчыны
80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
80-годдзе вызвалення Віцебскай вобласці
Рэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій 2025
100 гадоў утварэння органаў гандлю Беларусі
«Без любові да прафесіі ў гэтай галіне працаваць немагчыма» - упэўнены галоўны ляснічы першага класа Сенненскага лясніцтва Багушэўскага лясгаса Уладзімір Саржыцкі<br />

22.09.2021

«Без любові да прафесіі ў гэтай галіне працаваць немагчыма» - упэўнены галоўны ляснічы першага класа Сенненскага лясніцтва Багушэўскага лясгаса Уладзімір Саржыцкі<br />

Ганаровы лесавод - такога звання, пацверджанага нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, удастоены Уладзімір Саржыцкi - галоўны ляснічы першага класа Сенненскага лясніцтва Багушэўскага лясгаса. З чалавекам, заслугі якога вельмі шануюць у галіне, пагутарыла карэспандэнт «ВВ».

Сваімі дасягненнямі ганаровы лесавод хоць і ганарыцца, але распавядае сціпла, а пра некаторыя нават не згадвае.

Сёння стаж работы Уладзіміра Саржыцкага больш за 35 гадоў, з іх 34 года ён прапрацаваў у Багушэўскім лясгасе, дзе працаваў майстрам лесу, памочнікам ляснічага, галоўным ляснічым і нават быў дырэктарам лясгаса. Такі багаты вопыт дазваляе Уладзіміру Міхайлавічу граматна і эфектыўна выконваць сваю працу, навучаць тонкасцям справы новае пакаленне лесаводаў.

Па словах суразмоўцы, сістэма кіравання лясгасамі засталася ранейшай. Але тое, што за тэхнікай будучыня, зразумеў не адразу, хоць харвестэры і форвардэры бачыў яшчэ ў 1994 годзе ў Фінляндыі падчас павышэння кваліфікацыі.

- Мы былі ў Фінляндыі тры тыдні. Нас вучылі, вазілі па лясах і паказвалі тэхніку. Сэнс іх сцвярджэння, што лепш мець адзін харвестр, чым 20 вальшчыкаў лесу, толькі цяпер стаў для мяне відавочны, бо гэта больш выгадна і бяспечна, хоць у той перыяд не думаў, што так будзе, - распавёў Уладзімір Саржыцкi.

У сваёй прафесіі галоўны ляснічы больш за ўсё любіць бачыць вынік працы. Ён лічыць, што самае каштоўнае - назіраць за тым, як лес, у які ўкладваў час і душу, расце здаровым і цешыць вока. А асноўная цяжкасць заключаецца ў падборы кадраў, якія змогуць аб'яднацца ў каманду і якасна выконваць сваю працу.

У Сенненскім лясніцтве калектыў цалкам укамплектаваны. Пад чулым кіраўніцтвам Уладзіміра Саржыцкага супрацоўнікі працуюць зладжана і стабільна, выконваюць усе прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, напрыклад, за першае паўгоддзе 2021 года лясніцтвам праведзена высечак догляду ў маладняках на плошчы ў 21,6 га, лясных культур дапоўнена на 22,4 га, нарыхтавана 13 499 м куб. драўніны, а выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 362,3 тысячы рублёў.

Паводле слоў Уладзіміра Міхайлавіча, узначальваючы калектыў, трэба ўмець арганізаваць працу, павесці за сабой людзей, асабістым прыкладам паказваючы, як трэба гэта рабіць.

Аб Сенненскім лясніцтве наш герой гаворыць з любоўю. Больш за ўсё яму падабаецца працаваць восенню. У гэты час тэмпература камфортная для знаходжання ў лесе, няма камароў, лес падае дары ў выглядзе ягад і грыбоў, а таксама поўны рознакаляровых фарбаў.

Яшчэ галоўны ляснічы любіць паляваць, бачыў многіх звяроў. Сёлета ў лясніцтве пасялілася мядзведзіца з медзведзянём, што дзіўна для гэтых жывёл, бо раней яны былі толькі праходзіўшымі.

Уладзімір Саржыцкi упэўнены, што без любові да прафесіі ў гэтай галіне працаваць немагчыма.

- Трэба ўвесь час быць на тэлефоне, знаходзіцца ў лесе шэсць дзён на тыдзень. Гэта ўжо нават не праца, а лад жыцця, - кажа ён. - Важна і узаемадапамога. Зараз, напрыклад, вядзецца электронны ўлік драўніны. Моладзі гэта сістэма даецца прасцей, таму спачатку яна асвойвае інавацыі, а потым нас вучыць. Мы ж дзелімся сваім жыццёвым вопытам.

«Віцебскія весці», Аёна Коласава