Адрас: 211117, г. Сянно, вул. К.Маркса,2
Е-mail: info@senno.vitebsk-region.gov.by
Тэлефон: (02135) 5-53-47
Гарачая лінія: (02135) 5-52-96
За 25 гадоў у СЭЗ "Віцебск" сфарміравана эфектыўнае бізнес-асяроддзе для запуску новых вытворчасцей, укаранення інавацый і развіцця сектара паслуг. Аб гэтым на форуме "СЭЗ: магчымасці і перспектывы для бізнесу ў новых умовах" заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік паўночнага рэгіёна звярнуўся да ўдзельнікаў форуму і выказаў словы ўдзячнасці адміністрацыі і рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны. Ён адзначыў, што яны ўносяць важкі ўклад у развіццё вобласці і краіны, з'яўляючыся цэнтрам прыцягнення і рэалізацыі значных інвестпраектаў, сумесных вытворчасцей з замежнымі партнёрамі.
"Мы за гэтыя 25 гадоў прыцягнулі $1,2 млрд інвестыцый дзякуючы СЭЗ, дзякуючы карпатлівай 25-гадовай рабоце, - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. - Усе перадавыя прадпрыемствы як мінімум пачыналі ў СЭЗ, як максімум - яны працуюць на пляцоўках свабоднай эканамічнай зоны. Усё самае перадавое, прагрэсіўнае і паспяховае зарадзілася і функцыянуе менавіта на гэтых пляцоўках".
Аляксандр Субоцін пажадаў рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны паспяховага вядзення бізнесу. "Няхай работы будзе вельмі многа, але яна будзе ўдзячнай. І вы, азіраючыся назад, будзеце з задавальненнем адзначаць свае вынікі", - сказаў кіраўнік паўночнага рэгіёна. Ён пажадаў СЭЗ наступныя 25 гадоў развіцця прыцягнуць яшчэ больш інвестыцый, а таксама стварыць больш паспяховых прадпрыемстваў і, адпаведна, новых працоўных месцаў. Усё разам, паводле яго слоў, дазволіць "мацней заявіць аб краіне, Віцебскай вобласці як паспяховым, высокатэхналагічным і перспектыўным месцы на планеце".
Асноўныя напрамкі дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ - вытворчасць высокатэхналагічнай, інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі. Як адзначылі ў камітэце эканомікі аблвыканкама, удзельная вага рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" у паказчыках рэгіёна па прамых замежных інвестыцыях складае 65 працэнтаў, па аб'ёмах прамысловай вытворчасці - 14 працэнтаў, па экспарце тавараў і паслуг -16 працэнтаў. Нямала кампаній сярод знакамітых брэндаў краіны з'яўляюцца рэзідэнтамі свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск".
Форум "СЭЗ: магчымасці і перспектывы для бізнесу ў новых умовах", прымеркаваны да 25-годдзя ўтварэння свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск", сабраў каля 140 чалавек. Удзельнікамі дыскусіі сталі прадстаўнікі ўлады вобласці, горада, міністэрстваў і ведамстваў, пасольства Індыі, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў-рэзідэнтаў і дзелавыя партнёры СЭЗ "Віцебск".