
Адрес: 211117, г.Сенно, ул. К.Маркса, 2
Е-mail:info@senno.vitebsk-region.gov.by
Телефон: (02135) 4-13-47
Горячая линия: (02135) 55296
6 жніўня, Сянно /Уласн. інф./ Незвычайнай акцыяй вырашылі падтрымаць абвешчаны сёлета год Кнігі супрацоўнікі Сенненскага ЗАГСа. Разам з пасведчаннем аб нараджэнні дзіцяці, дзе значыцца 2012 год, нованароджаныя сенненцы атрымліваюць у падарунак кнігі.
Маленькаму Даніілу Пятаковічу няма яшчэ і месяца, але хлопчык ужо мае ўласную бібліятэку. Першымі кнігамі ў ёй сталі не казкі, а выданні, прысвечаныя гісторыі Сенненшчыны. Уручаючы бацькам нованароджанага сенненца Віктару і Юліі Пятаковічам гісторыка-дакументальную хроніку раёна «Памяць» і кнігу вядомага краязнаўцы Васіля Бандарэвіча «Экскурсія да вытокаў горада Сянно», начальнік установы Вольга Мялешка выказала надзею, што яны дапамогуць іх маленькаму ўладальніку даведацца пра багатую гісторыю Сенненскага краю і вырасці адданым патрыётам сваёй малой радзімы.
А пакуль Данііл яшчэ толькі пазнае навакольны свет, першымі чытачамі падораных кніг стануць яго родныя.
За дакументамі Пятаковічы прыйшлі ўсёй сям’ёй. Праўда, сам «віноўнік» урачыстасці на рэгістрацыі не прысутнічаў, а мірна спаў дома пад наглядам бабуль і дзядуль.
Бацька Данііла, Віктар Васільевіч, працуе начальнікам лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-38. Маці, Юлія Міхайлаўна, настаўніца, да дэкрэтнага водпуску займала пасаду намесніка дырэктара Алексініцкай сярэдняй школы. Разам яны вось ужо 10 гадоў. Данік стаў другім дзіцяці ў іх дружнай сям’і. Першынец Ілья мае ўжо 9 гадоў.
«Ішлі за дзяўчынкай, а знайшлі яшчэ аднаго хлопчыка!» — радасна-усхвалявана прызнаецца матуля.
Праўда, шчасця ад такой «неспадзяванкі» ў сям’і менш не стала. А літаратурны падарунак стаў яшчэ адным прыемным сюрпрызам для таго, каму пашанцавала нарадзіцца ў Год кнігі, і яго родных. На думку сужэнцаў Пятаковічаў, гэтыя выданні павінны быць настольнымі ў кожнай сенненскай сям’і.
Вольга БАНДАРЭВІЧ
