
Адрес: 211117, г.Сенно, ул. К.Маркса, 2
Е-mail:info@senno.vitebsk-region.gov.by
Телефон: (02135) 4-13-47
Горячая линия: (02135) 55296
Свой чарговы фестываль байкеры Беларусі правялі на адным з азёр Сенненшчыны. А ў суботу па запрашэнні райвыканкама і абласнога аддзела па справах моладзі нязвыкла для жыхароў райцэнтра апранутыя хлопцы праехалі на сваіх незвычайных машынах па вуліцах Сянно і зрабілі прыпынак на цэнтральнай плошчы. Тут прайшла акцыя “Мотаўдар-2011”, якая прысвечана 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Ужо ў ліпені 1941 года Сенненшчына стала арэнай жорсткіх баёў. У прыватнасці, многія сучасныя гісторыкі лічаць, што тады пад Сянно адбылася буйнейшая ў гісторыі Другой сусветнай вайны танкавая бітва. Праўда, да нядаўняга часу пра яе за лепшае лічылі не ўспамінаць, бо войскі Чырвонай Арміі тады пацярпелі паражэнне. Тым больш, што гэта была ці не першая спроба савецкага камандавання арганізаваць контрнаступленне.
У час мітынгу, удзел у якім бралі байкеры і мясцовыя жыхары, прысутнічалі начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама Уладзімір Кунашка, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, іншыя прадстаўнікі раённай улады, выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Яўген Усціновіч. Затым адбылося ўскладанне кветак да помніка воінам-вызваліцелям. Ён устаноўлены ў Сянно ў гонар салдат-вызваліцеляў, партызан, што загінулі ў ваколіцах горада ў 1941-1944 гадах.
А тым часам незвычайных машыных на плошчы горада станавілася ўсё больш. Яны прадстаўлялі большасць рэгіёнаў Беларусі і, нават, суседнюю Смаленшчыну Расіі. Гараджане розных узростаў кантактавалі з гасцямі, фатаграфаваліся. Калі байкеры сталі праводзіць конкурсы, аўдыторыя сенненцаў павялічылася яшчэ больш. На сваіх байках маладыя хлопцы і сталыя дзядзькі спаборнічалі ў майстэрстве фігурнага ваджэння, паказальных заездах на хуткасць. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі праверылі ў матацыклістаў і ўсіх жадаючых веды правілаў дарожнага руху.
Арганізатары конкурсаў прадугледзелі для удзельнікаў конкурсаў заахвочвальныя прызы. Падарункі атрымалі пераможцы і прызёры. Ну а агульным падарункам для ўсіх, хто ў той дзень прыйшоў на цэнтральную плошчу Сянно, стаў рок-канцэрт.
Байкерам у Сянно, здаецца, спадабалася. Іх лідары заявілі аб жаданні ладзіць фестываль. Ідэю падтрымалі раённыя ўлады. Так што ў час развітання гаспадары і госці гаварылі адзін аднаму: “Сустрэнемся наступным летам!”.
Аляксандр Лазюк
