back_pattern
Парк Трох герояў Палац урачыстых абрадаў і фантан "Закаханыя"  Фізкультурна-спартыўны комплекс Парк Трох герояў Прырода Сенненшчыны Прырода Сенненшчыны Возера Сенненскае ЗАГС і фантан "Закаханыя" Помнік прыроды "Каплічка" Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Сянно
Парк Трох герояў
Галоўная Раён Геаграфія

Геаграфія


Дзе б ні быў я, мяне ўсё адно
Кліча роднае зноўку Сянно.
Тут знаёма мне усё да драбніц:
Шыбы ў вокнах, луска чарапіц,
Любы сэрцу гурты валуноў,
Мора сіняе росных ільноў,
Звон крыніц, шум лісцвяных гаёў,
Спеў бясконцы вясной салаўёў.
Тут блакітнае неба плыве,
Тут заслонаўцаў слава жыве.
Зведаў іншыя я гарады,
Толькі сэрца імкнецца сюды.
І, напэўна, нідзе усё адно
Мне з табой не растацца, Сянно!

Іван Калеснік

Кожны куток нашай роднай Беларусі прыцягвае сваёй асаблівай прыгажосцю, выклікае захапленне і асалоду. І Сенненскі край валодае зачаравальнай сілай, дзе адчуваецца ўтульнасць і спакой.

Сенненскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года. Размешчаны ён на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці. Агульная зямельная плошча - 1966,05 кв. км. Працягласць тэрыторыі раёна з поўначы на поўдзень - 42 км, з захаду на ўсход - каля 70 км. Раён мяжуе з Віцебскім, Ліозненскім, Аршанскім, Талачынскім, Чашніцкім, Бешанковіцкім раёнамі. Цэнтр раёна - горад Сянно. У складзе раёна: г.п. Багушэўск, 327 сельскіх населеных пунктаў. Адміністрацыйна раён дзеліцца на 8 сельскіх Саветаў.

Тэрыторыю раёна перасякаюць дзве чыгуначныя магістралі - Віцебск-Орша і Орша-Лепель, а таксама нафтаправод «Дружба». Адлегласць ад Сянно да Віцебска - 55 км,  да Мінска - 210 км.

Шматлікія рэкі, азёры, лясы надаюць асаблівы каларыт прыродным ландшафтам раёна, ствараюць спрыяльныя ўмовы для адпачынку. Сенненшчына - азёрны край. У раёне знаходзяцца 69 азёр, 13 штучных вадаёмаў. Найбуйнейшыя азёры - Сенненскае, Бярозаўскае, Кічынскае, Ходцаўскае, Серакаратнянскае, Багданаўскае, Ліпна. На тэрыторыі раёна 27 рэчак і ручаёў, агульная працягласць якіх складае 300 км.

Пад Дзяржлесфондам занята 79,891 тыс.га. Пераважаюць лясы змешаныя, іглічныя, сустракаюцца бярозавыя, асінавыя, альховыя.
 
Сенненшчына - гэта не толькі асаблівая спрыяльная і непаўторная аўра, якая ствараецца не столькі геаграфічным становішчам і своеасаблівым прыродным светам, колькі гасціннасцю і дзіўнай дабрынёй людзей. Наш рэгіён з яго прыгожымі лясамі, блакітнымі рэкамі і азёрамі становіцца прывабным месцам для адпачынку і турызму. Сенненскі край з выгляду някідкі, са звыклым ландшафтам і кліматам, мае сваю прыцягальнасць, да якой прыкіпаеш душой і сэрцам.

Таямнічыя ў сваёй велічы і багацці расліннага і жывёльнага свету леса Сенненшчыны. Лось, дзік, ліса, воўк, казуля, заяц, куніца, выдра, бабёр - пастаянныя насельнікі нашых лясоў. Першародную непаўторную прыгажосць расліннага свету ўяўляюць лекавыя, ягадныя, меданосныя, тэхнічныя, дэкаратыўныя расліны.

На тэрыторыі Сенненскага раёна знаходзіцца 6 гарадзішчаў і 3 стаянкі, якія адносяцца да першабытнаабшчыннага ладу, 24 месцазнаходжання помнікаў пахавання - курганоў, а таксама 4 помнікі прыроды - камянёў-валуноў, сярод якіх другі па велічыні на тэрыторыі Беларусі - Чортаў камень ля вёскі Вароніна (яго памеры 10,2 х 6 х 4 м).

Зараз на Сенненшчыне актыўна развіваецца аграэкатурызм, распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты.
 
Але асноўнае багацце Сенненшчыны - гэта людзі з шматвяковымі традыцыямі, з велізарнай любоўю да  роднага краю, адданасцю сваей зямлі, на якой выраслі іх дзеці і ўнукі. І наша задача - зрабіць усё, каб будучае пакаленне з павагай ставілася да мінулага і стварала будучыню на карысць Сенненскага раёна.

Інтэрнэт-рэсурсы
 
back_pattern