
Адрас: 211117, г. Сянно, вул. К.Маркса,2
Е-mail: info@senno.vitebsk-region.gov.by
Тэлефон: (02135) 4-13-47
Гарачая лінія: (02135) 4-12-96
Супрацоўнікі РАНС, прадстаўнікі іншых зацікаўленых службаў пільна сочаць за тым, каб лясы раёна не станавіліся тэрыторыяй асаблівай небяспекі.
Падыход - комплексны узаемадзеянне - цеснае
Толькі так можна зрабіць эфектыўнай работу па папярэджанні надзвычайных сітуацый у лясах і на тарфяніках, парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, упэўнены не толькі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, але і Багушэўскім лясгасе. Таму зараз, калі клас пажарнай небяспекі час ад часу падыходзіць да крытычнага максімуму, сумесныя намаганні кансалідуюць дзеля агульнай мэты.
- У арсенале ў нас - шырокая інфармацыйна-растлумачальная праца, сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы, - распавядае першы намеснік начальніка Сенненскага РАНС - начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі Сяргей Паўлоўскі. - Статыстыка сведчыць: шкода, прычыненая ляснымі пажарамі, даволі значная. Таму тут як нідзе справядлівай будзе прапісная ісціна пра тое, што надзвычайную сітуацыю лепш і лягчэй папярэдзіць.
Сезон адпачынку на прыродзе яшчэ не скончыўся. Значыць, не зніжаюць актыўнасці і тыя, хто адказвае за бяспеку ў лясных масівах. Мабыць, дарэчы тут будзе нагадаць і пра тое, што рашэннем раённага выканаўчага камітэта ўводзіцца забарона на наведванне лясоў, калі клас пажарнай небяспекі падымецца да лічбы чатыры.
Тушыць нельга пакінуць
Прызнайцеся шчыра, збіраючыся правесці пікнік на прыродзе ці адпраўляючыся за ягадамі-грыбамі, цi задумляецеся пра тое, як правільна паводзіць сябе? А гэтыя самыя правілы бяспекі супрацоўнікі РАНС паўтараюць з сезона у сезон. І яны вельмі простыя.
- На лясной тэрыторыі, зялёных участках ўздоўж дарог і садовых участках паблізу лясных насаджэнняў ні ў якім разе не кідайце падпаленыя запалкі і цыгарэты, не вытрасайце гарачы попел, - у чарговы раз нагадвае Сяргей Паўлоўскі. - Вельмі небяспечна ў такіх месцах запраўляць паліўныя бакі, карыстацца аўтамабілямі з няспраўнай сістэмай сілкавання гаручым, паліць або карыстацца адкрытым агнём паблізу машын, пакідаць прамаслены або прасякнуты гаручымі рэчывамі абцiрачны матэрыял.
Супрацоўнікі РАНС нагадваюць і пра тое, што ў лесе лепш не пакідаць на асветленых сонцам палянах бутэлькі і шкляныя банкі - яны могуць стаць запальнымі лінзамі. Збіраючыся ў лес на адпачынак ці ў турпаход, абавязкова вазьміце з сабой сякеру, рыдлёўку, вядро ці вялікі пластыкавы пакет для вады. На ўсялякі пажарны выпадак.
А вось на пытанне, ці варта тушыць пажар у лесе, калі вы раптам сталі яго выпадковым сведкам, спецыялісты адназначна не адказваюць: усе залежыць ад сітуацыі. Калі вы апынуліся ў зоне пажару, спачатку цвяроза ацэніце тое, што адбываецца і свае сілы. Зыходзячы з гэтага, вырашыце, ці варта тушыць яго самому або лепш тэрмінова адправіцца за дапамогай, каб не страціць час і не даць агню распаўсюдзіцца. Паведаміце аб тым, што здарылася па нумары 101 або 112. Калі паблізу ёсць вадаём або лужына, акуніцеся ў ваду, намачыце вопратку і дыхаеце праз мокрую хустку. Прыгнуўшыся, ўцякайце ў наветраны бок і па магчымасці паралельна фронту агню.
Калі ачаг агню невялікі, яго можна засыпаць зямлёй ці заліць вадой з бліжэйшага вадаёма. Можна таксама набраць пучок галінак даўжынёй 1,5-2 метра ад дрэў лісцяных парод і змятаць полымя, «убіваючы» яго затым у зямлю. Такім жа чынам можна змагацца з агнём мокрай вопраткай з шчыльнай тканіны. Слізгальныя ўдары трэба наносіць па абзе агню збоку ў бок ачага пажару, а пасля кожнага ўдару галінкі пераварочваць, каб яны астуджаліся і не загарэліся. Патушыўшы пажар, не сыходзіце некаторы час, пераканайцеся, што агонь не разгарыцца зноў. А затым паведаміце ў лясніцтва ці бліжэйшую пажарную частку аб месцы і часе пажару, аб яго магчымых прычынах.
Сысці, каб вярнуцца
І яшчэ адна надзвычайная сітуацыя, ад якой ніхто не застрахаваны, цесна звязаная з лесам. Штогод, iдучы за грыбамі або ягадамі, губляюцца дзясяткі беларусаў. Хтосці выхад з лясных масіваў знаходзіць сам, кагосці, як у дзіцячым вершыку, «шукаюць пажарныя, шукае міліцыя».
- Перад паходам у лес выканаеце некалькі дзеянняў, - нагадвае першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. - Па-першае, трэба падабраць правільную вопратку. Яна павінна быць шчыльнай, але лепш - яркай. Не перашкодзіць чырвоная кепка, касынка або любы прыкметны прадмет. Напярэдадні зарадзіце тэлефон, падрыхтуйце мінімальную аптэчку, ваду, нож, запалкі. Збіраючыся ў лес, звяртайце ўвагу на ўмовы надвор'я: у пахмурнае надвор'е паход лепш адкласці.
Калі вы ўсё ж такі цвёрда вырашылі адправіцца за грыбамі або ягадамі, спецыялісты раяць не рабіць гэтага ў адзіночку. Паведаміце сваякам, знаёмым пра меркаваны маршрут і час вяртання, своечасова інфармуйце іх, калі планы змяніліся.
Пэўных правілаў варта прытрымлівацца і ў лясной гушчы. Перш, чым паглыбіцца ў яе, звярніце ўвагу на сонца, запомніце, з якога боку яно размешчана. Калі сонца справа, то пры выхадзе ў тым жа кірунку з лесу трэба, каб яно апынулася злева.
Калі ўсё ж здарылася самае страшнае, і вы заблукалі, першае, што неабходна зрабіць, - зарыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і агонь, каб абараніцца ад холаду і арганізаваць начлег. Набярыце нумар службы выратавання і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце вакол сябе.
Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся. Па магчымасці піце ваду і рухайцеся да мэты.
Галоўнае цяпер - выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Выявіўшы любы з гэтых аб'ектаў, ідзіце уздоўж яго і вы абавязкова знойдзеце людзей. Сустрэлі на шляху ручай або раку? Iдзiце ўніз па плыні - ён заўсёды прывядзе да людзей. Добрым арыенцірам стануць гукі. Прыслухайцеся: шум трактара чуваць за 3-4 км, брэх сабакі - за 2-3 км, іддучы цягнік - за 10 км, ідзіце на гук.
Не варта выбірацца з лесу ноччу. Як толькі пачне цямнець, займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Для гэтага падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт будана і подсціл з падручных матэрыялаў. Дарэчы, аб барацьбе з холадам. Ліст газеты, засунуты пад вопратку, паменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад вопратку. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб шукаючыя вас не прайшлі міма - павесьце на кусты кепку, насоўку або ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцягнуць увагу.
- Хачу яшчэ раз нагадаць пра мабільны дадатак «МНС Беларусі. Дапамога побач», - звяртае ўвагу Сяргей Паўлоўскі. - У ім вы знойдзеце алгарытм дзеянняў у любой надзвычайнай сітуацыі, у тым ліку і той, што можа здарыцца ў лесе. Бо ніколі не ведаеш, за якім паваротам цябе падцікоўвае небяспека.
«Голас Сенненшчыны», Галіна Жукава.
Фота прадстаўлена Сенненскiм РАНС.
