
Адрас: 211117, г. Сянно, вул. К.Маркса,2
Е-mail: info@senno.vitebsk-region.gov.by
Тэлефон: (02135) 4-13-47
Гарачая лінія: (02135) 4-12-96
У аг.Студёнка жыве дружная сям'я Уладзіміра і Кацярыны Петуховых. У іх свой сакрэт сямейнага шчасця, які складаецца з ўзаемапавагі, узаемападтрымкі і ўважлівага стаўлення адзін да аднаго.
Пазнаёміліся Кацярына і Уладзімір у ААТ «Студзёнка». Уладзімір ураджэнец в.Гасмiрава. Скончыў Лужаснянскі аграрны каледж і па размеркаванні працаваў заатэхнікам у ААТ «Кругляны». Пасля таго, як гаспадарку расфармавалі, працягнуў сваю працоўную дзейнасць у ААТ «Студзёнка». Зараз ён займае пасаду галоўнага заатэхніка.
Кацярына мясцовая. Некаторы час працавала ў Маскве. Але якiм бы не было прыцягальным жыццё ў вялікім горадзе, усё адно цягнула дадому, у вёску. Вярнуўшыся, ўладкавалася на МТФ «Студзёнка» аператарам машыннага даення.
- Першы час працаваць было нязвыкла цяжка, адчувала, што не хапае вопыту і ўмення, - успамінае Кацярына. - Хоць з працай у жывёлагадоўлі была і раней знаёма. Маці больш за трыццаць гадоў працуе даяркай у гэтай жа гаспадарцы на МТФ «Івона». Я нярэдка хадзіла разам з ёй на ферму, каб дапамагчы.
Працавітасць, практычны вопыт, рэкамендацыі і парады спецыялістаў, у тым ліку і мужа, дапамагалі падвышаць прафесійнае майстэрства. Зараз Кацярына загадчыца МТФ «Студзёнка».
Муж і жонка выхоўваюць дваіх дзяцей. Пяцікласніца Эвеліна добра вучыцца, з'яўляецца ўдзельніцай розных агульнашкольных мерапрыемстваў. Дзяўчынка вельмі любіць спяваць і танцаваць. Трохгадовы Ягор з задавальненнем наведвае дзіцячы сад. Яму падабаецца маляваць, разглядаць кніжкі з малюначкамі, слухаць казкі, якія яму пастаянна перад сном чытаюць бацькі.
Гаспадарка выдзеліла маладой сям'і прасторны дом з прысядзібным участкам, які яны пакрысе добраўпарадкоўваюць. «Дом добры, - кажа Уладзімір, - і пакоі прасторныя, можна сказаць, дом нашай мары ». У двары галава сям'і збудаваў невялікую пясочніцу, якая стала любімым месцам гульняў дзяцей.
На пытанне, ці ёсць вольны час і на што яны яго марнуюць, Петуховы адказалі: часам бывае, але мала. Нават паўнавартасны адпачынак у выглядзе працоўнага водпуску не заўсёды могуць сабе дазволіць. У жывёлаводаў адмысловы графік працы, дзе папросту могуць «выпадаць» з календара агульнапрынятыя святы. Затое ёсць у сям'і Петуховых і свае традыцыі - яны абавязкова разам адзначаюць дні нараджэння. А яшчэ ўся сям'я любіць збірацца на кухні і разам што-небудзь гатаваць, а самыя любімыя стравы - катлеткі і курачка, запечаная у рукаве з бульбачкай, прыгатаваныя Уладзімірам.
Вось так праходзяць будні сям'і Петуховых. На першы погляд - нічога незвычайнага, але разам з тым так цёпла і па-хатняму.
Сям'я на добрым рахунку ў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Карыстаецца павагай і сярод аднавяскоўцаў. На іх можна пакласціся, адзначаюць у сельвыканкаме. Таму прадстаўнікі мясцовай улады вось ужо на працягу двух гадоў запрашаюць мужа і жонкі паўдзельнічаць у сямейным сельскагаспадарчым праекце «Уладар сяла». Петуховы з гонарам даказваюць, што ў сельскай мясцовасці жывуць працавітыя, энергічныя, дапытлівыя людзі, якія паважаюць і развіваюць традыцыі беларускай вёскі. Кацярына адзначыла, што ім было цікава ўдзельнічаць у конкурсе. Яны абодва нарадзіліся і выраслі ў вёсцы і таму заданні - пакалоць і скласці дровы, запрэгчы каня... - для іх не былі складанымі. Да таго ж, сумесныя падрыхтоўка і рэпетыцыі яшчэ больш іх з'ядналі, далі зразумець, што разам можна пераадолець любыя цяжкасці і перашкоды.
- У выніку мы сталі больш адзін аднаго шанаваць, паважаць і падтрымліваць, - падзялілася Кацярына. - Мы займалі другое, трэцяе месца, але думка стаць першымі не пакідае нас. У гэтым годзе таксама паспрабавалі шчасця і абавязкова пераможам.
«Голас Сенненшчыны», Ларыса МУКАМОЛАВА.
Фота аўтара.
