back_pattern
Бел

Адрас: 211117, г. Сянно, вул. К.Маркса,2

Е-mail: info@senno.vitebsk-region.gov.by

Тэлефон: (02135) 4-13-47

Гарачая лінія: (02135) 4-12-96

Парк Трох герояў Палац урачыстых абрадаў і фантан "Закаханыя"  Фізкультурна-спартыўны комплекс Парк Трох герояў Прырода Сенненшчыны Прырода Сенненшчыны Возера Сенненскае ЗАГС і фантан "Закаханыя" Помнік прыроды "Каплічка" Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Сянно
Парк Трох герояў

Навіны раёна

18 мая 2020

Калі тэхніка бяспекі не пустыя словы

Мабільная група Сенненскага райвыканкама, якая кантралюе, як у арганізацыях раёна захоўваюцца бяспечныя ўмовы працы, меры супрацьпажарнай бяспекі, у час апошняга рэйду звярнула ўвагу на выкананне зробленых раней рэкамендацый.

— Звярніце ўвагу, на ўездзе на тэрыторыю арганізацыі ўстаноўлены стэнд са схемай арганізацыі руху аўтатранспарту. Вось тут з’явілася стаянка для аўтамабіляў нашых работнікаў, — тлума­чыць Сяргей Красіцкі, дырэктар Багушэўскага леспрамгаса ААТ «Віцебсклес».

 Сапраўды, у арганізацыі шмат чаго зроблена па ўхіленні недахопаў, на якія было ўказана ў час апошняга маніторынга, згодны Сяргей Дзернушкоў, галоўны спецыя­ліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, кіраўнік мабільнай групы. Але далёка не ўсё. А значыць арганізацыя застанецца пад пільнай увагай кантралёраў. З бяспекай на вытворчасці вольнае абыхо­джанне не дапушчальна.

Тым больш, што і на гэты раз спіс парушэнняў папоў­ніўся­. У рамонтнай майстэрні па-ранейшаму некаторыя работнікі ў якасці падставак выкарыстоўваюць драўляныя калодкі, што ўяўляе небяс­пеку не толькі для іх саміх. Відаць, людзям недастаткова пераканаўча пра гэта тлумачылі, не прынялі меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Члены групы звярнулі ўвагу і на абсталяванне, што выкарыстоўваецца ў майстэрні. У прыватнасці, Сяргей Дзернушкоў растлумачыў кіраўніку арганізацыі неабходнасць прывядзення ў адпавед­насць з нормай правілаў бяспекі эксплуатацыю электратэльфера, вядомага ў шырокім абіходзе як электрычная таль. У адносіне да некаторых іншых парушэнняў прыняты кардынальныя меры ўздзеяння. Забаронены да эксплуатацыі заточны станок, кабель электрасілкавання зварачнага апарата, бо ў яго парушана ізаляцыя. Ёсць прэтэнзіі да пажарнай бяспекі. Напрыклад, піламатэрыялы захоўваюцца побач са складскімі памяшканнямі.

 — Супрацьпажарныя разрывы абавязковыя пры захаванні матэрыяльных каштоўнасцей, — удакладняе Аляксандр Конышаў, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС.

 Наведаліся члены мабільнай групы і на тэрыторыю Багушэўскага спіртзавода. Адметнасць прадпрыемства ў тым, што да бяспекі на вытворчасці, дзе выпускаецца прадукцыя патэнцыяльна высокагаручая і ўзрыванебяспечная, прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. На заводзе надаюць належную ўвагу пытанням аховы працы, стварэнню бытавых умоў. Фактычна на кожным вытворчым участку ёсць памяшканні, дзе можна пераапрануцца, памыць рукі.

 — Работнікі прадпрыемства забяспечваюцца спецадзеннем, праходзяць мед­агляды, інструктажы па ТБ, — расказаў Сяргей Дзернушкоў. — Па выніках 2019 года прадпрыемства стала пераможцай раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы на вытворчасці.

 Зрэшты, і на спіртзаводзе не абышлося без заўваг. Ля аднаго з памяшканняў стаялі падрыхтаваныя да эксплуатацыі будаўнічыя рыштаванні. Як высветлілася, карыстацца імі ў бліжэйшы час не давя­дзецца, бо іх тэхнічны стан не адпавядае правілам аховы працы пры рабоце на вышыні. Увагу членаў мабільнай групы прыцягнуў зварачны апарат. І нездарма. Аказалася, вось-вось сыходзіць тэрмін эксплуа­тацыі яго электракабеля, на што і было ўказана спецыялісту прадпрыемства, які адказвае за ахову працы на вытворчасці.

— Кантроль за бяспекай на вытворчасці ў форме маніторынгу дае магчымасць мягка ўплываць на сітуацыю нам, кантралёрам, адміністрацыі і спецыялістам арганізацый выпраўляць недапрацоўкі і ўпушчэнні, — выказаўся пры падвядзенні вынікаў рэйду Сяргей Дзернушкоў. І з ім нельга не пагадзіцца, бо сумесныя намаганні ў даным выпадку вымяраюцца нярэдка здароўем, а то і жыццём людзей.

«Голас Сенненшчыны», Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.  

Фота аўтара.

Дзелавое супрацоўніцтва
Апытанне
Што для Вас найбольш важна ў вашай працы (будучай працы)?
back_pattern